21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы
Увесь свет святкуе Міжнародны дзень роднай мовы, які мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.
Дзень святкавання Міжнароднага дня роднай мовы — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане.
У Міжнародны дзень роднай мовы ДУА “Гімназія-каледж мастацтваў г.Маладзечна” стала пляцоўкай для сапраўднага фестывалю беларускай культуры. З самага ранку вучняў і настаўнікаў з народнымі песнямі сустракаў фальклорны калектыў гімназіі-каледжа мастацтваў "Жывіца".
І на працягу ўсяго дня ва ўстанове праходзіў цэлы шэраг розных мерапремстваў. Мастацкія работы настаўнікаў і вучняў гімназіі-каледжа на тэму прыгажосці беларускіх краявідаў натхняюць маленькія таленты спрабаваць сябе у мастацтве. Там, дзе чалавек – там і мастацтва. Чавалек не можа абысціся без прыгожага. І яно ўсюды акружае яго: і ў прыродзе, і там, дзе тварыў сам чалавек па законах мастацтва.
Фотавыстава “Архітэктурная спадчына Беларусі” прымусіла сёння спыніцца каля сябе амаль кожнага вучня. Архітэктурныя помнікі – своеасаблівы летапіс жыцця народа, яскравыя сведкі яго працоўнай і баявой славы. Улепшых творах архітэктуры ўвасоблены найбольш значныя гістарычныя падзеі. У іх адлюстраваны гістарычны лёс народа, развіццё яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Беларускі народ з надзвычайнай увагай ставіцца да спадчыны, якую пакінулі нам папярэднія пакаленні. Помнікі даюць магчымасць глыбей асэнсаваць сучаснасць, вызначыць шляхі ў будучыню.
Няхай заўжды свабодна і трывала,
Каб нашу Беларусь душой пазнаць,
Гучаць струною скрыпкі і цымбалы,
І песнямі гармонікі звіняць.
Няхай жа старажытна нашы танцы
Хвалююць векаісныя гады,
Каб мы змаглі як мае быць застацца
Народам беларускім назаўжды.
М. Шынкевіч
Вучням гімназіі-каледжа мастацтваў пашанцавала, таму што яны маюць магчымасць не толькі знаёміцца, слухаць, але і навучыцца іграць на беларускіх народных інструментах. Розныя і па форме, і па гучанні, але ў кожным з іх непаўторны гук, афарбоўка шумаў і душа народа, яго самабытнасць.
Беларускі нацыянальны касцюм быў і застаецца невычэрпнай крыніцай натхнення, матываў і вобразаў для сучасных прафесійных творцаў, выдатным помнікам народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Беларускі нацыянальны касцюм мае надзвычай высокую культурную каштоўнасць і з'яўляецца адным з этнічных атрыбутаў беларускага народа.
Кожны з вучняў меў магчымасць удасканаліць свае веды па беларускай мове і літаратуры і нават атрымаць добрыя адзнакі за лепшыя дасягненні па выніках інтарактыўнай гульні "Знаўцы роднай мовы"